Экспанаты

У музеі ўзноўлены інтэр’ер традыцыйнай сялянскай хаты і выстаўлены разнастайныя прадметы, якія даюць уяўленне пра гаспадарча-побытавую і працоўную дзейнасць нашых продкаў.

Паглядзіце на спіс экспанатаў, пазнаёмцеся з апісаннем кожнага з іх і палядзіце нашы інтэрактыўныя гульні ў нізе старонкі.

Увайсці

Настольнік, тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Лакальная назва скацерка. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (уваходзіў у пасаг нявесты, ім накрывалі стол на Каляды, Вялікдзень і інш. святы). Апрача утылітарнай і абрадавай, выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр’ера вясковай хаты.

Палонік, вялікая драўляная лыжка, якой разліваюць страву. Вырабляюць з мяккіх парод дрэва. Мае зграбную форму, зручны ў карыстанні. У наш час замест апалоніка выкарыстоўваецца чарпак. На Палессі апалонікам называюць перапечку (хлеб круглай формы, пераважна з пшанічнай мукі).

Маслабойка, бандарны выраб; пасудзіна для збівання масла. Лакальная назва біянка. Вызначалася разнастайнасцю форм і канструкцый. Найчасцей – вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатойкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка). Такой жа формы бойку выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Беларусі (пераважна на Палессі) былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2 – доннай бочачкі, у якой было “акенца” з засоўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. У даўнім сялянскім побыце масла збівалі і ў ганчарных пасудзінах (гаршку, макітры і іншых) з дапамогай драўлянай лыжкі ці калатоўкі. На ўсходнім Палессі гэты спосаб захаваўся да пачатку 20 стагоддзя. 

Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні.  

Хатні  бытавы (пячны) інвентар. Лакальная назва – ухваты. Паўкруглы жалезны рычаг (ухват), насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У інтэр’еры традыцыйнай сялянскай хаты вілкі займаюць месца каля качарэжніку, разам з качаргой, чапялой і іншым пячным інвентаром.

Ручны станок, на якім часалі воўну. Складаўся ён з драўлянай рашоткі, палатнянага транспарцёра, барабана і валкоў, абцягнутых грубай мешкавінаю з драцянымі шчоткамі. 

Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў. У пісьмовых крыніцах старажытнарускага часу вядомы пад назвай “кринъ”. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі ). У гісторыі развіцця ганчарных вырабаў быў прататыпам збана. Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясцовыя адрозненні; на паўднёвым захадзе пераважаюць з аб’ёмным тулавам , на ўсходзе-падоўжаныя, зграбныя па абрысах, на паўдневым захадзе – слабапрафіляваныя з шырокім горлам. Найбольш ярка лакальныя асаблівасці выяўляюцца ў мясцовых назвах; на Падняпроўі і сумежных з ім паўднёва – ўсходніх раёнах  Падзвіння – гарлач, на захадзе – стаўбун , на паўночным усходзе Падзвіння – жбан , на Палессі , у заходніх раёнах цэнтральнай Беларусі – гладыш, ладыш, у паўднёва-заходніх раёнах – збан, паралельна ўжывалася назва берасцень (звязана з даўняй традыцыяй аплятаць гарлачы стужкамі бяросты). Выраблялі гарлачы гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя. Упрыгожвалі глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні лінейна-хвалістым арнаментам, геаметрычнай і расліннай ангобнай размалёўкай і каляровымі фарбамі.

Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захавання сыпкіх рэчываў і інш. Назва “Гаршчок” паходзіць ад старажытнарускай “гаршуч”. Яго форма добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў напаленай печы: круглы з пакатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам (нярэдка з накрыўкай і 1-2 ручкамі для зручнасці карыстання) для большай трываласці. Гаршкі часам апляталі дротам.

Падобны на шар, часам – выцянуты ўгору. З адной ці дзвюма ручкамі па баках. Дно плоскае, шырокае, а горлачка – кароткае і вузенькае, як у бутэлькі. У ім добра захоўваліся алей, квас, бярозавы і кляновы сок, калодзежная і крынічная вада.

Прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя) і металічныя грабяні. На Беларусі бытавалі 2 тыпы драўляных грэбняў: лапатападобныя і прамавугольныя. Другі тып – прамавугольная дошка (прамавугольная дошка даўжынёй 1 м, шырынёй 30-40 см, у цэнтры якой прыбівалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб’ем). У самаробных грабнях набівалі звычайныя цвікі.

Пасудзіна для заквашвання цеста, бандарны выраб. Лакальная назва квашня. Мела форму звычайнай кверху шырокай бочачкі (вышыня звычайна раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20-30 л), накрыўка (вечка) з абечкам. Дзежка малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі дзежкі звычайна з дубовых клёпак , часам з хваёвых (тады ставілі 2-3 дубовыя клёпкі, дуб паскараў працэс квашання і надаваў цесту лёгкі спецыфічны водар).

Высокая гліняная пасудзіна для малака, смятаны, маслёнкі, сыроваткі. Бакі ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое малако, скажам, лёгка, роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак.

Самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы 2 тыпы калаўротаў – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах). Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце-лежаку – збоку ад прадзільнага апарата.

Дзіцячы ложак. Рабілі яе з дошак і драўляных рэечак. Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці да жэрдкі, якая адным канцом мацавалася да бэлькі.

Карамысла, тоўстая драўляная палка, прамая ці выгнутая, з падвешанымі кручкамі або з выемкамі на канцах для пераносу на плячах вёдзер з вадой і інш. грузаў. Лакальная назва насілы.

Прыстасаванні для разгладжвання тканых вырабаў (бялізны, адзення). Накручаны на качалку (даўжыня 40-60 см, дыяметр 4-6 см) выраб раскочвалі валком. Валок – прамы ці выгнуты драўляны брус (даўжыня 65-80 см, шырыня 8-10 см) з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі знізу і з ручкай. Ручкі былі двух тыпаў: адны з іх з’яўляліся працягам бруса, другія (накладныя) прымацоўваліся зверху да аднаго з канцоў валка.

Гэта жалезны прут, сагнуты і, бывае, крыху расплюшчаны, як лапатка на канцы. Качаргою выграбаюць попел з печы, перамешваюць, рассоўваюць у бакі вуголле, каб паставіць на гарачы под чыгунок ці гаршок са страваю.

Сарочка, асноўная частка мужчынскага і жаночага беларускага адзення. Яе насілі ў любым узросце, у будні і святы, пры любым сямейным становішчы. Важны паказчык этнічнай спецыфікі матэрыяльнай культуры беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна.

Святочныя, асабліва жаночыя, кашулі аздаблялі (рукавы, каўнер, манішка) натыканнем, вышыўкай, часцей чырвонага і чорнага колеру. Арнамент пераважна геаметрычны.

Самаробны ткацкі станок.

Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага) пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луццё – тонкія ліпавыя жэрдкі з карой.

Доўгія, шырокія, на падпорках-ножках.

Круглы ці авальны чарпачок з ручкаю. Выразалі лыжкі з асіны, бярозы, клёну, грушы. Чым цвядзейшае было дрэва, тым даўжэй служыла лыжка.

Гліняная пасудзіна, глыбакаватая, звычайна круглая, з плоскім звужаным дном.

Пакрывала на падушкі.

Пас, скураная або плеценая, тканая, вітая з нітак доўгая вузкая стужка для падпяразвання. Лакальная назва апаяска. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя. На Беларусі бытавалі пераважна паясы тканыя, плеценыя і вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком (даўжынёй 150-300 см, шырынёй 1,5-30 см).

Узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкаратыўнага, а ў мінулым і абрадавага прызначэння; від мастацкіх тканін. Тэхнікай выканання, памерам, кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем блізкая да дывана. Посцілкай засцілаюць ложак, ёю накрываюцца, яе вешаюць на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’ера сялянскай хаты.

Металічная прылада для прасавання адзення, тканіны.

Драўляная прылада для прадзення. Складаецца с дзвюх частак: лопасці, падобнай на лапату або на вясло, і днішча, у якое пад прамым вуглом устаўляецца ножка лопасці. Да лопасці падвешваецца барада – воўна, кудзеля, пянька.

Кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння. Шырыня яго вар’іравалася ад 25 да 45 см залежна ад шырыні ткацкага стана, даўжыня – ад 1 да 4 м (звычайна 2-3 м).

Апрача утылітарнага прызначэння да пачатку 20 ст. ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўбрання жылля і абразоў (ручнікі-набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха.

Прылада да прасейвання мукі ці правейвання зерня. Абечак рабілі звычайна з сухога лубу, дно – з рагожнай ці валасяной сеткі. У наш час абечак робяць з фанеры, дно – з металічнай сеткі.

Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19 ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). У авальных даўжыня ад пачатку ручкі да канца рэжучай часткі (клінок) па прамой лініі 40-43 см, шырыня ляза 2,5-3 см, разрэз насечкі зубоў прыкладна 2 мм, даўжыня драўлянай ручкі 13 см. Паўкруглы серп карацейшы: даўжыня ляза па прамой лініі 30-32 см. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі. Сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп.

Традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выкарыстоўвалася і для іншых мэт. На Беларусі была пашырана ручная ступа. Ручную ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы вышынёю 110-120см. У ствале выдзёўбвалі або вапальвалі конусападобную выемку глыбінёй 40-50см і дыяметрам у верхняй частцы 35-40см. Зерне ў ступе таўклі таўкачом, тоўстай выструганай палкай з паўкруглымі канцамі, даўжыня якой дасягала 90-110см; для зручнасці трымання ў сярэдняй яго частцы рабілі выемку. Часта таўклі ў два таўкачы. Зерне перад апрацоўкай сушылі, а ў працэсе таўчэння  для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. 

Шырокая гарызантальная дошка на чатырох высокіх ножках 

Тоўстая доўгая палка з паўкруглымі канцамі, якой таўкуць што-небудзь. Даўжыня 90-110 см. Для зручнасці трымання пасярэдзіне рабілі выемку ці выдзёўбвалі адтуліну. Таўкачом называюць таксама прыладу ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом.

Паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу; састаўная частка народнага касцюма беларускіх жанчын. Называлі таксама запаска, затулка. Шылі з 1-2 полак ільнянога палатна, мацавалі на таліі завязкамі ці матузком. Памеры розныя, пераважна 30-35 см шырынёй, 50-80 даўжынёй і заўсёды на 10-15 см карацей за спадніцу. Святочныя фартухі багата аздабляліся натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, часам запрасоўвалі ў складкі.

Спецыяльна загнутая на канцы лапатачка з ручкай для захоплівання гарачай скаварады.

Пасудзіна для прыгатавання ежы са сплаву жалеза з вугляродам.

Напішыце нам!


калі вас зацікавілі нашы экскурсіі, калі ў вас ёсць прапановы і ідэі пра тое, што можна зрабіць лепш,
ці вы можаце даць нам экспанаты для экспазіцыі