Аб экспазіцыі

Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ і вартым быць яго.

Ул. Караткевіч

Стваральнікі музея сцвярджаюць, што задача сапраўднага настаўніка – выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну і дзяржаву. А як можна любіць, тое, што не ведаеш?! Вось дзеля гэтага і задуманы наш музей.

З мэтай фарміравання цікавасці вучняў да айчыннай культуры, адраджэння гістарычнай спадчыны, вывучэння вытокаў беларускага слова, радаводу адбылося адкрыццё школьнай этнаграфічнай экспазіцыі.

Задачы:

  • зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю;
  • выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага;
  • назапасіць гістарычныя, краязнаўчыя, этнаграфічныя веды;
  • развіваць творчаемысленне вучняў.

Дзейнасць музея ажыцяўляецца па наступных накірунках:

  1. Экспазіцыйная работа.
  2. Пошукова-даследчая работа.
  3. Экскурсійна-масавая работа.

Усе ўзнагароды

Фальклорна-этнаграфічны музей “Беларуская хатка” быў створаны ў 2006 годзе. Аснова яго  - экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. "Беларуская хатка”  змяшчае наступныя раздзелы экспазіцыі: "Бабін кут”, "Быт селяніна”, “Музычныя інструменты”, “Рамёствы”.

  • “Бабін кут” – гэта значыць гаспадарчы куток. Тут можна пакруціць кола калаўрота, палюбавацца прыгожымі ручнікамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, вілкі, чапялу, стрыгач ці серп, зачарпнуць апалонікам у чыгуне, запаліць старажытны ліхтар, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні  ступы, маслабойкі.
  • "Быт селяніна” – у разрэзе паказаны від сялянскай хаты канца 19 стагоддзя (без сенцаў). Размешчаны прадметы быту, упрыгожанні жылля, прадметы рэлігійнага накірунку;
  • "Музычныя інструменты” – размешчаны інструменты, якія выкарыстоўваліся для правядзення свят  (цымбалы, дудка, жалейка і інш.)
  • “Рамёствы”:
    • “Ганчарства” прадстаўлена наборам разнастайнага па форме і прызначэнні посуду;
    • "Бандарства”– гаспадарчыя драўляныя ёмістасці;
    • "Пляценнне” ўтрымлівае рэчы, зробленыя  з саломы, лазы, лыку, лёну (кашы, лапці, рэзгіні і г.д.);
    • "Ткацтва” ўтрымлівае саматканыя рэчы: ручнікі і посцілкі, вядзецца ўстаноўка станка для ткацтва (кроснаў);
  • "Вышыўка” – змяшчаюцца вышыўкі рознай тэхнікі вышывання, сурвэткі. Тут можна паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.

Экспазіцыя

На базе хаткі праводзіцца азнаямленне з духоўнай спадчынай Роднай зямлі, вывучэнне абрадаў і свят беларусаў, пашыраюцца веды па беларускай этнаграфіі. Вучні знаёмяцца са звычаямі продкаў, з дэкаратыўным аздабленнем беларускай хаты, традыцыйным інтэр’ерам сялянскага будынка.

З вучняў створана група экскурсаводаў. Пад кіраўніцтвам загадчыка музея дзеці-экскурсаводы вывучаюць экспанаты музея, адшукваюць інфармацыю аб іх, пішуць тэксты экскурсій, праводзяць экскурсіі для вучняў школы. Яны таксама папаўняюць музей экспанатамі.

У 2016 годзе вучні працавалі  над праектамі “Музей у чамадане” і “Беларускі ручнік”, зрабілі выставы “Беларускі ручнік”, “Ганчарства”.

Старшакласнікі выступаюць з лекцыямі перад вучнямі ўсіх класаў школы: “Запрашаем у нашу хату”, “Гуканне вясны”, “Вясновыя святы беларусаў”, “Ткацтва”, “Сямейны побыт беларусаў”, “Якая яда, такая хада”.

Макаранкай Г.М. развучваюцца беларускія народныя абрады (“Каляды”, “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Багач” і інш.), песні (“Ой рана на Йвана”, “Добры вечар, пане гаспадару”, “Ой, цвіце церан”, “Як служыў жа я ў пана” і інш.), гульні (“Яшчар”, “У арэх” і інш.)

Кожны год у музеі праводзяцца тэматычныя выставы: “Музычныя інструменты”, “Народныя промыслы беларусаў”, “Беларускі ручнік”, “Беларуская хатка – хатка майстоў”.

На базе хаткі праходзяць класныя і школьныя мерапрыемствы на “Тыдні беларускай мовы і літаратуры”, у Дзень роднай мовы.

У хатку прыводзяць на ўрокі сваіх вучняў настаўнікі пачатковай школы, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, працоўнага навучання. Заняткі ў хатцы праводзяць як самі настаўнікі, так і кіраўнік музея Макаранка Ганна Маісееўна.

Кіраўніком музея напісаны тэксты экскурсій, збіраецца матэрыял для правядзення заняткаў гуртка, вядзецца “Кніга водгукаў”, створана папка “Лекцыі”. За экспанатамі вядзецца пастаянны догляд.

За 2016 год на базе музея “Беларуская хата” былі арганізаваны і праведзена школьныя мерапрыемствы: “Гуканне вясны”, “Калядкі”, “Мову матчыну шануйце”, “Слова жывое, роднае, гаваркое”, гульня “Народныя традыцыі”, “Беларуская хатка – хатка майстоў”,   “Матулін ручнік”, віктарыны  “Ці ведаеце вы свой край”, “Каляды”, “Зімовыя святы беларусаў”,  “Авалодваючы дзедаўскімі рамёствамі”, інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Зямля маіх бацькоў” і інш.

Экспазіцыя папаўняецца, дзякуючы намаганням настаўнікаў і зацікаўленых вучняў, бо кожнаму прыемна ўбачыць на выставе рэчы, падараваныя яго сваякамі, знаёмымі, суседзямі, сябрамі, а таксама паглядзець, чым карысталіся ў паўсядзённым жыцці нашы продкі.

Адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме работы нашай школы. Народная культура — найважнейшая частка  гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў.

Напішыце нам!


калі вас зацікавілі нашы экскурсіі, калі ў вас ёсць прапановы і ідэі пра тое, што можна зрабіць лепш,
ці вы можаце даць нам экспанаты для экспазіцыі